МАРСКІ́Я КА́ЧАЧКІ (Lepadomorpha),

надсямейства вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. 3 сям., больш за 450 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных морах, трапляюцца да глыб. 8 км. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да скал, камянёў або прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), некат. ўтвараюць своеасаблівы паплавок і трымаюцца пад паверхняй вады.

Даўж. цела да. 6 см, укрыта вапністымі пласцінкамі; пярэдняя ч. галавы ператворана ў падоўжаную (да 75 см) голую або лускаватую сцяблінку, якой М.к. прымацоўваюцца да субстрату. Кормяцца пераважна планктонам, водарасцямі. адфільтроўваюць іх з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Гермафрадыты і раздзельнаполыя. Некат. ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.

Л.Л.Нагорская.

Марскія качачкі.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)